ВІЛЬГЕ́ЛЬМ II

(Wilhelm; 27.1.1859, Берлін — 4.6.1941),

прускі кароль і герм. імператар [1888—1918]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха III (правіў 9.3—15.6.1888). Унук Вільгельма I. Скончыў Бонскі ун-т (1879). Служыў у арміі (з 1879), ген.-м. (1888). У час яго праўлення Германія стала буйной марской дзяржавай (у развіцці ўзбр. сіл асаблівую ўвагу аддаваў ВМФ), працягвала калан. захопы, уцягнулася ў 1-ю сусв. вайну. Пазбавіўся ўлады ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918, эмігрыраваў у Нідэрланды. 28.11.1918 адрокся ад прастола. Аўтар твораў «Падзеі і асобы ў 1878—1918 гады» (1922), «З майго жыцця: 1859—1888 гг.» (1927), «Мае продкі» (1929) і інш.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)